Перайсці да зместу

Андрэй Піліпавіч Вайтовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Андрэй Вайтовіч
Род дзейнасці грамадскі і вайсковы дзеяч
Дата нараджэння 2 кастрычніка 1920(1920-10-02)
Месца нараджэння
Дата смерці 31 сакавіка 2008(2008-03-31) (87 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Партыя

Андрэй Вайтовіч (2 лютага 1920 — 31 сакавіка 2008) — беларускі грамадскі і вайсковы дзеяч. Сябра Беларускай незалежніцкай партыі, удзельнік Наваградскага беларускага эскадрону і паветрана-дэсантнага спецыяльнага батальёна «Дальвіц». Мянушка «Андрук».

Нарадзіўся ў 2 лютага 1920 года ў вёсцы Залозкі каля Любчы на Наваградчыне ў беднай шматдзетнай сялянскай сям’і. З маленства працаваў — дапамагаў бацьку. Вучыўся ў мясцовай школе ў Любчы, быў здольным вучнем, скончыў 7 класаў. Паступіў у электрамеханічную гімназію ў Вільні, там дырэкцыя адзначыла яго здольнасці і стараннасць, таму атрымоўваў стыпендыю. Скончыць гімназію не дала Другая сусветная вайна, бо паміж Любчай і Вільняй з’явілася мяжа.

Падчас Другой сусветнай вайны заканчвае матуральныя курсы, вучыцца ў настаўніцкай семінарыі ў Наваградку, дзе далучаецца да Беларускай незалежніцкай партыі. Быў у стасунках з будучай паплечніцай па БНП і «Дальвіцу» Тамарай Чэрамшагінай. Пра далучэнне да БНП ўспамінаў так:

«У Беларускую Незалежніцкую Партыю мяне прымаў Барыс Рагуля ў класе настаўніцкай семінарыі ў Наваградку. Пасля свайго ўроку нямецкай мовы на матуральным курсе Барыс адпусціў дзяўчат, пакінуўшы ў класе толькі хлопцаў — каля дваццаці чалавек. „Я з вамі трошкі пагавару“, — сказаў ён і пачаў шчырую размову з намі. Рагуля гаварыў, што ня трэба спадзявацца на немцаў, бо яны нам таксама нічога добрага не жадаюць. Таму мы павінны арганізавацца, і ў нас будзе свая партыя — падпольная. Барыс Рагуля казаў, што нашая мэта — захаваць моладзь. Дзеля гэтага створана БНП, ствараецца Наваградскі беларускі эскадрон. Нельга было дапусціць, каб беларуская моладзь ішла да савецкіх партызанаў або вывозілася на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Гэта была праграма-мінімум. Галоўнай мэтай БНП было змаганне за незалежнасць Беларусі. Усё сказанае Барысам мы ўспрынялі вельмі прыхільна. Усе ўсталі і паўтарылі за Барысам словы прысягі…».

У канцы 1943 года запісаўся да Наваградскі беларускі эскадрон Рагулі. У 1944 годзе, калі Барыс Рагуля прывёў свой батальён назад у Наваградак і запрапанаваў ахвочым разам з ім адступаць на Захад, Андрэй Вайтовіч вырашае ісці разам з Рагуляй. Пасля трапіў у Варшаву, атрымаў дакументы ад Барыса Рагулі на вучобу ў Празе, але там ужо адбывалася эвакуацыя і не магло быць гаворкі аб вучобе, таму Андрэй Вайтовіч павяртаецца ў Варшаву, а потым разам з сябрамі едзе ў Дальвіц. У Дальвіцы праходзіў падрыхтоўку ў паветрана-дэсантным спецыяльным батальёне. Андрэй Вайтовіч успамінаў, што перад адпраўкаю Барыс Рагуля загадаў яму забыцца пра нямецкія заданні, а выконваць толькі даручэнні партыйнага кіраўніцтва: ён павінен быў вербаваць сябраў БНП, збіраць звесткі пра сітуацыю ў Беларусі і рыхтаваць лясную плацоўку для прыёму самалёта. У верасні 1944 года дэсантаваўся на Дзятлаўшчыне, куды быў скінуты памылкова. Андрэй Вайтовіч вярнуўся ў родныя мясціны, усталяваў кантакт з былымі сябрамі і збіраў інфармацыю пра дзейнасць бальшавікоў. Ужо тады за ім пільна сачылі агенты савецкіх карных органаў, якім яго выдаў былы паплечнік па эскадрону Рагулі і БНП Павал Турайкевіч — ён даў показы следчым ужо ў першы дзень спаткання з Вайтовічам.

Пасля затрымання быў жорстка катаваны, адбыў 64 дні ў адзіночнай камеры, сядзеў у карцары, амаль шэсць дзён трымаў галадоўку, але яна была гвалтоўна спыненая супрацоўнікамі карных органаў. Следчыя патрабавалі, каб Вайтовіч прызнаў прыналежнасць да Саюзу беларускай моладзі, да якога ён не належаў, а таксама вымагалася назваць склад кіраўніцтва Цэнтральнага Камітэту БНП, які ён не мог ведаць. Быў на допыце асабіста ў міністра дзяржаўнай бяспекі Цанавы. Неўзабаве атрымаў 8 гадоў савецкіх канцлагераў з пазбаўленнем правоў. Пакаранне адбываў у Казахстане і ў Сібіры. У канцы 1952 года быў высланы на пасяленне ў Севераенісейск, дзе пазнаёміўся і ажаніўся з рускай дзяўчынай з сям’і, якая таксама была выслана на поўнач.

У 1958 годзе павярнуўся ў Беларусь, марна прабаваў знайсці звесткі пра лёс сваёй сяброўкі Тамары Чэрамшагінай, якая 17 лістапада 1944 года дэсантавалася на Віленшчыне, але не была злоўленая супрацоўнікамі савецкіх спецслужб. Жыў у Слоніме, працаваў будаўніком і на мясцовай мэблевай фабрыцы. Калі ў 1972 годзе наведваў сябра па рэпрэсіях Казіміра Гінца ва Уроцлаве, то пазнаёміўся з вядомай паэткай Ларысай Геніюш, з якой потым шмат гадоў сябраваў і якой дапамог зрабіць і перавезці помнік на магілу Янкі Геніюша. Пры сустрэчах з Ларысай Геніюш апавядаў ёй аб сваёй сям’і, а тая ў адказ пісала пра іх вершы. Увесь час падтрымліваў сувязі з былымі байцамі «Дальвіца», у тым ліку і з Барысам Рагулем. Летам 1997 года прымаў удзел у сустрэчы «рагулёўцаў» у Вільні. У апошнія гады пра палітычную дзейнасць казаў так:

«Цяпер існуе шмат розных партый, арганізацый, але яны мне ня вельмі імпануюць. Ніколі ў мяне не ўзнікала жадання кудысьці ўступіць. Бо ў мяне была і ёсць толькі адна партыя. Я і цяпер застаюся сябрам Беларускай Незалежніцкай Партыі».

Да самых апошніх дзён цікавіўся жыццём краіны, ужо слабы і хворы, з кіём у руках прыходзіў у цэнтр Слоніма і, як прафесійны будаўнік, дапамагаў аднаўляць Спаса-Праабражэнскі сабор.

Памёр 31 сакавіка 2008 года, быў пахаваны пад бела-чырвона-белым сцягам 1 красавіка 2008 года на слонімскіх могілках.

У канцы 2018 года cябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл наведалі слонімскія гарадскія могілкі і ўсклалі кветкі на магілы вядомых землякоў Васіля Супруна і Андрэя Вайтовіча. Сябры згуртавання памянулі іх хвілінай маўчання.[1]

Зноскі

  1. https://www.racyja.com/hramadstva/kvetki-patryyotam-i-akhvyaram Архівавана 14 ліпеня 2019. Кветкі патрыётам і ахвярам